Home
   Journal    Friends    Archive    User Info    Memories
 

РУКАПІС

Ліс. 18, 2009 11:55 pm * * *

Не бойся – я не з табою.

І ўсё маё – не табе!

Не за цябе – двубоі,

Другому – пад ногі бэз.

 

Агідная недарэчнасць,

Бы шнар на чужой шчацэ.

Не я адпушчу парэнчы

З усмешкай: “Заходзь часцей!”

 

Анёлы адскачуць танга

Над Свіслаччу… Неспадзеў

Не ты, прашаптаўшы: “Таня…”,

На сэрца маё ўпадзеш.

 

Ад Захаду і да Ўсходу –

Не нам засяваць раллю…

Не, я не дарую, хоць і

Люблю.


(P.S. Насамрэч, пісала верш пра любоў да Радзімы, а атрымалася, як заўжды...)

3 камэнтара - Пракамэнтаваць

Врс. 1, 2009 10:21 am Дзякуй...

Я сем дзён у цябе сцягнула,
Бы махлярка на людным пляцы!
Падманула, дык падманула!
Што ж цяпер па кішэнях ляпаць?!

Цэлы тыдзень!.. На стос паперак
Пералічыш – не так багата.
Ды хапіла б табе на пернік…
Ці на пугу (калі заўзятар).

Апраўданні? Пакінь іх добрым!
Калі хто пашкадуе шэльму…
Ты ж казаў, што жыццё падорыш!
А жабрачцы шкадуеш шэлег!

Цэлых сем!!! Гэта шмат, канечне!..
Бог не песціць занадта смелых...
Я табе падарыла б вечнасць…
Калі б мела!


2 камэнтара - Пракамэнтаваць

Ліп. 27, 2009 11:35 pm Вось так...

Тугу ўскладаю хіджабам на галаву…
(Нашто? Не знаю! Ды ўсё-ткі жыву! Жыву ж…)

Бы вуж, плыву я па хвалях асенніх рэк…
(Не грэх – бывае… І лета сыходзіць прэч…)

Знаёмы хтосьці кранаецца да пляча.
(Не, то не лёс, а толькі няўлоўны час!)

Пяшчоту рулі адчула мая шчака…
(А я ж не ўчула, што ты не хацеў чакаць!)

Лічу таропка – на пальцах – да дзесяці...
(Паставіць кропку і ў восень ізноў сысці.)

Па сходцах гойсаць – адно маладым дажджам!
Бывай шчаслівы (а каб жа ты не даждаў!)…

4 камэнтара - Пракамэнтаваць

Чэр. 23, 2009 01:35 pm Вяртаюся!

        Я прыйшла на спатканне з… каханнем.

(Добры вечар!)

У той час, як на дрэвах спелі маленькія яблычкі

І адцвіталі півоні.

Я амаль не спазнілася,

Перастрэтая водарам вечара

І вячэры (са змораных мінскіх вокнаў).

Гэта – чэрвень…

Гэты чэрвень, бы чорная котка,

Перабег мне дарогу…

І горка…

Пахне шыпшына

чужым каханнем…

17 камэнтароў - Пракамэнтаваць

Стд. 18, 2009 08:24 pm Каляднае... Запозненае....

               *          *          *

Зоркі саспелі, а колькі пад імі багоў,
Пэўна, адно што Галоўнаму Богу вядома.
Мы адзначаем “чарговае” – дома-не дома –
Гэтае свята – не горш ад астатніх нагод.


У СМС-ках – “надзея”, “святло” ды “любоў”…
Хай прэзідэнты штурмуюць шыкоўныя храмы,
Іншых чакаюць да рання “ўсяночныя” крамы –
І дачакаюцца літасціва, далібог!..


“Тых, хто не спіць”, павіншуе самотны святар
І папярэдзіць, што месца на небе – замала,
Хопіць не ўсім. Карацей, каб за ім не займалі!..
(Значыць, не варта стаяць у чарзе, калі так.)


Толькі ізноў у краіне на самай мяжы,
Дзе з двух бакоў раскашуюць нашчадкі Іуды,
Плача дзіця, з нараджэння не верачы ў цуды.
Божухна, дапамажы яму, дапамажы яму…
Жыць.


P.S. Дзяйкуй Вам,
[info] dominus_fatum


</span>

14 камэнтароў - Пракамэнтаваць

Снж. 29, 2008 10:32 pm Падарунак!!!

Я атрымала ў падарунак - поўны кубачак сонца.
Ён патыхаў летняй спёкай і смакам вішнёвых вуснаў.
Гэта - шчасце?



Дзякуй,
verkeus !
І за сонечныя фотаздымкі, і за ліпеньскую цеплыню ў зледзянелым Мінску...

5 камэнтароў - Пракамэнтаваць

Кст. 22, 2008 02:18 pm * * *

Нам час развітацца. Мне час адыходзіць.
Куды?.. Не пытайся… Не трэба…
Глядзі, майго лета амаль што на дне засталося!..
Падманваюць словы (салодка і срэбрагалоса),
Ды я не баюся… Я праўлю маўклівую трэбу…
Імгненні лічу па ружанцы мінулых стагоддзяў…

У нашай крыві пракаветная Крыўя
Заснула і сніць сваю прышласць…
Зусім не балюча, а проста муляе часінай,
Пад шоргат крыла – успаміны вятроў цёмна-сініх, –
Калі мы не верылі радыё-Крышне
І з крыўдай глядзелі на сонца, прышытае крыва…

Бывай, мой… Не ведаю, добры ці дрэнны…
Мы хутка падзелім па-роўну:
Табе – руйнаваць міражы парцалянавых вежаў,
А мне – у ляшчоткі душу і схавацца ў замежжы…
Загойваць віну і распорваць няўдалую кроўнасць,
Малюючы неба на столі маіх сутарэнняў…

… - 21.10.08

8 камэнтароў - Пракамэнтаваць

Кст. 2, 2008 11:33 pm * * *


Быццам стары…

Ён баіцца застацца адзін.
Ды адзінота яго не пускае з абдымкаў.
Сумнай дзяўчынкай яна неадступна глядзіць
у вочы яго з чорна-белага фотаздымка. 

Быццам стары...

Ён хацеў бы паверыць у сон,
толькі нічога бяссоннаю ноччу не высніш.
Будзе зіма, ён упэўнены: гэта – усё,
і памяць сваю мітуснёй зашывае, увішны.

Быццам стары...

Ён глытае плацэба са слоў,
горлу свайму адмаўляючы ў праве на горыч.
З птушак усіх абірае ён “пару буслоў”
(з іх прывідных крыл непрыкметнымі робяцца горы).

Быццам стары...

Ён заўважыць палаючы клён.
Восень прыйшла непрыкметна – учора ці сёння?
Пахне дажджом адзінота – найгоршы праклён.
Ён спраўляе імшу па кастрычніку трыццаць сёмым. 

Быццам стары...


2 камэнтара - Пракамэнтаваць

Врс. 20, 2008 10:04 pm Пра аптымізм...


Аптыміст - чалавек, які ноччу ў дождж выглядвае ў небе зоры (а раптам?).
І калі сцежка будзе слізкай пашанцуе, ён-ткі іх убачыць!!!

P.S. А я ж спадзяюся!!!

2 камэнтара - Пракамэнтаваць

Врс. 18, 2008 11:33 pm І яшчэ крыху летняй самоты...


*          *          *
А ты ўсё далей
ад таго, што далёкім было
За тысячу год
            да народзінаў першага кроку.
Ты ладзіў масты,
узбіраўся па лесвіцах крохкіх
У самае неба –
і Богам глядзеў з-пад аблок.
 
Ты думаў заўсёды,
што скончыць лягчэй, чым пачаць,
І кожны свой дзень
ты здаваў, як апошні экзамен.
Шукаючы шчасця,
ты жыў па раскладах вакзальных,
Дзе ўсе цягнікі
адыходзілі ў будучы час.
 
Ты верыў, што Вечнасць
каханкаю будзе тваёй,
Ды выцвілі словы
на шэрай казённай паперы.
Ты памяць схаваў
у кішэню, як высахлы пернік,
Пакуль да яе
не дабраўся твой вечны канвой.
 
Аднойчы ты ўспомніш
пра сноў шапатлівы аер,
Пра боль развітанняў
і радасць раптоўных сустрэчаў
І спаліш усе
неабходна-бязглуздыя рэчы...
І ластаўка-ноч
разаб’ецца аб вокны твае.

7 камэнтароў - Пракамэнтаваць

Врс. 3, 2008 01:52 pm Вось і восень...

*          *          *
Я варажу па восені –
падаюць кроплі-дні...
Я варажу – і вось яны! –
руны мае – карані...
Сонца пярсцёнкам коціцца
з неба ў маю ваду.
Цемрадзь – у дзверы госціцай –
            цераз парог вяду...
Ат, варажба няпэўная –
ценямі на вадзе!
Дзеўчына – гэта, пэўна, я.
Ну а хлапчына дзе?..
Полымя свечкі мружыцца,
хмурацца твары з карт.
Суджаны ты мой, суджаны,
колькі ж цябе чакаць?!

8 камэнтароў - Пракамэнтаваць

Жнв. 23, 2008 11:40 am Усё будзе добра!!! ;)

               *             *             *

У голлі маім летуценна спявае лагода,

У Вашых снягах, як звычайна, “драмае вясна”.

Па ветраным дні надараецца вечар пагодны.

Усё будзе добра! (Канечне! А як жа інакш?!)

 

Разгортваю ноч, бы з дзяцінства забытую казку,

Дзе цуды паўсюль (абсалютна!), куды ні пайсці.

Усё будзе добра! (Я ведаю, з Божае ласкі...)
Наліце мне сонца гарачага ў ранішні “tea”!

 

Парэзала жнівень на мяккія пахкія лусты,

Пасыпала снежнем – частуйцеся! (Што ж Вы, мой Лёрд?!)

Шалёныя восы цаляюць у памяць і глупства

Маё ці каханне вылечваюць навылёт.

4 камэнтара - Пракамэнтаваць

Жнв. 14, 2008 01:10 pm Калі ласка!!!!!!!!!!!!!

Прагаласуйце за мяне сёння (і толькі сёння) з 13.00 да 18.00 на гэтым сайце!  http://www.mazda.by/mazda_in_belarus/advert/2008/13_august/~id=342 
Няхай там будзе хоць адна беларускамоўная "Аўта-лэдзі"! 
:)))
Шчыра ўсім удзячная!!!

3 камэнтара - Пракамэнтаваць

Чэр. 25, 2008 01:35 pm Прыходзьце!!! :))

Паэтычны тэатр “Арт.С”
запрашае на восьмую сустрэчу ў межах
задыякальна-паэтычнага праекту
“12 СУЗОР’ЯЎ”

У праграме бяруць удзел Ракі:
- барды: Юрый НЕСЦЯРЭНКА, Наталля ПУШКАРОВА.
- пісьменнікі: Наталля КУЧМЕЛЬ, Валянціна ПАЛІКАНІНА, Барыс ПЯТРОВІЧ, Людміла РУБЛЕЎСКАЯ, Таццяна СІВЕЦ.
- рэжысёр: Мюр ФАРЫДОВІЧ.

* Астролаг Алена РЫСАВЕЦ распавядзе цікавосткі з гараскопу вядомага класічнага беларускага Рака Янкі КУПАЛЫ.

Вядоўцы:
Зміцер АРЦЮХ і Аксана СПРЫНЧАН

Чакаем у чацвер
26 чэрвеня 2008 года ў 18.00
у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча
(вуліца Багдановіча, 7а)


Паводле: http://litara.net/

Пракамэнтаваць

Чэр. 23, 2008 11:00 pm За ўсіх, хто сёння ўспомніў пра мяне!!!



Дзякуй, сябры!!!

7 камэнтароў - Пракамэнтаваць

Тра. 4, 2008 11:17 pm Не па тэлефоне!

Зашпільваю горад на гузікі рэдкіх сустрэч.
Смяюся ад гора, а слёзы дарэмныя – прэч!
Між намі не горы ж – прашу: не маўчы – аспрэч!..
Не трэба пра гонар, калі я жывая рэч!

З дзяўчынкаю гожай звязала каханне вузлом.
(Пра ўсё, што не зможаш, назаўтра раскажа твой блог.)
О, як пераможна ты ломіш душы сцябло –
Не дай табе божа, за словы адплочваць злом!..

Спакою на змену прыходзіць рынгтонавы рытм.
Дарогі нязменна вядуць да мяне, а не ў Рым.
Здаеш у абменнік фальшывыя словы тры.
Прызнанням замена – любімыя нумары…

Не бойся, мой мілы,  хоць ты не Самсон, але…
У пальцах застылых надзея ці будзе тлець?
Відаць, і ў Далілы цяжэй не было дылем!
Я ўсё зашпіліла… І што мне рабіць далей?


11 камэнтароў - Пракамэнтаваць

Крс. 12, 2008 11:02 pm У нядзелю, 13-га красавіка

на радыё "Культура" (з 11.30 да 12.00) я буду чытаць вершы і штосьці прамаўляць у прамым эфіры :)))
Можна слухаць і тэлефанаваць...

3 камэнтара - Пракамэнтаваць

Крс. 11, 2008 11:04 pm Карыкатура! (Здагадайцеся, на каго!) Мастак - Алег Карповіч. (Ніводнага разу не бачыліся!)


А мне падабаецца! :))

Пракамэнтаваць

Сак. 23, 2008 10:47 pm Гэта ўсё вар'яцкая прастуда!!!

*          *          *

Калі ты не кахаеш, то можаш ужо не вяртацца!
Ні з Канады, ні з Бірмы (ці што там бывае далей?)!
Я чакала цябе, як і раніцы неандэртальцы
Не чакалі даўней, баючыся навечна скалець!

Я вучылася лётаць, паверыўшы зноў Каперфільду:
Бы ў дзяцінстве з канапы, я ўчора скакала з акна.
Я сыходзіла ў сны, над дзвярыма прыладзіўшы шыльду:
“Калі ты не... Змані! І дазволь мне шчаслівай сканаць!”

Я прызначыла вечар (найлепшы для сэрцаспалення!),
Адаслала табе запрашальнік на аўтадафэ.
“Дровы можна з сабой, калі ты інквізітар сумленны…”
Я запальваю цэру… Няхай пачынаецца фэст!..

Уваскрэсне памерлы (жывому – цяжэй, відавочна),
За свабоду тваю я загінула ў гэтай вайне…

Ну, няўжо табе цяжка?! Вярнуцца. Прамовіць у вочы,
Што зусім не… Зусім не… Зусім. Не. Кахаеш. Мяне.


 

10 камэнтароў - Пракамэнтаваць

Лют. 14, 2008 09:25 pm Нарэшце!!!



Праз тыдзень можна шукаць у кнігарнях... Пакуль - у мяне. :))

15 камэнтароў - Пракамэнтаваць

Back a Page

 

Рэклама