Мне здавалася, мае вершы даўно завершаныя, Мне здавалася, мае казкі ўжо там, дзе "жылі яны доўга і нешчасліва"... Толькі хтосьці зверху глядзіць і кажа: "Ну, бач-ты, якая смешная! Трэба адсыпаць ёй трошкі радасці і алівак!.. Штосьці, мой добры Пётра, здаецца, маўчала яна задоўга!.. Дай мне вунь тую, з верхняй паліцы..." Пётра ківае: добра.
...І калі мне бляшанка падае, дзякуй Богу, пад ногі, а не на кудлатую галаву, Я разумею раптам, што я жывая, што я — жыву!
І мы будзем стаяць перад ім аднойчы, Глядзець у вочы яго... Будзем проста глядзець у вочы... І думаць, што вось нарэшце... А ён пасміхнецца, маўляў, ну, чаго ж вы хочаце: Сюды нават анёлы - зрэдку, А самалёты - наогул не далятаюць... Я насмелюся і цябе запрашу на танец... І пойдзе снег... Гэта будзе наша з табою тайна: Калі снег апускаецца, так пяшчотна і так адчайна, - Гэта мы там, на небе, танчым... І Бог усміхаецца, Бы немаўля ўва сне...
Азірнуся на дом свой сёння і бачу - дым... Зазіраю ў люстэрка, бы ў вочы ўсіх тых, хто не... І калі папрашу я праўды, літасці і вады, Ты, калі ласка, Ойча, пачуй мяне!..
Ты не пакінь мне, Госпадзі, часу і дабрыні, Нават слоў мне не трэба, Божухна, нават іх!.. Ды калі па зямлі маёй пойдзеш, не абміні Ні вясёлых маяў, ні верасняў залатых!
Ты пабачыш, што вера трывае па-над усім, Ты паверыш, што сонца свеціць і з-пад аблок. Божа, ты ведаеш, часам бракуе сіл... Але смерці няма, ты кажаш... Зрэшты, яе ніколі і не было...
Выжыла толькі Любоў... З усяго пад'езду. Люба корміць катоў і чакае сына. Ёй казалі: дарэмна, маўляў, што ён ужо не прыедзе... Толькі яна чакае... Шторанку збірае сілы, Каб нагадаваць катоў і самой пад’есці, Каб рукі і твар памыць хоць бы снегам талым... Яе цётку Веру забілі ў дарозе дзесьці... Сястру Надзею так з-пад завалаў і не дасталі... Выжыла толькі Любоў... З усяго пад'езду.
- Мама, давай я коцік - а ты мяне панясеш!.. Мама, а ў коцікаў ёсць асобнае бомбасховішча?.. Мама, а хто там зверху маланкі сее?.. Мама, пайшлі назад - мне дадому хочацца!..
- А чаму той дзядзя ляжыць? Ён стаміўся, так? А чаму бабуля ўчора нам не званіла? Мама, а хутка вернецца тата, а? Ведаеш, я сягоння ноччу яго прысніла!..
- А давай пасядзім, ну, мам, мне нага баліць! Гэтак гучна гудзе сірэна - скажы, няхай яна перастане! Мама, я хутка вырасту? Ну, скажы, калі?..
...Ім 15 хвілін да метро. І пытанні. Пытанні. Пытанні...
Дзве жанчыны, розныя, нібы хлеб і нож, Моўчкі сядзяць за адным сталом... І адна другой кажа проста: "Хадзем са мной... Там, паглядзі, бярэцца на дзень, і дарога, здаецца, да неба вядзе..." І другая адказвае позіркам ёй: "Хадзем..." Дзве жанчыны, розныя, як агонь і лён, Яны з гэтай зямлі - не прыйшлі здалёк... І ў кожнай душа працятая - навылёт... У гэтым пакоі - ні сцены, ні столь - толькі два цені ды апалены стол... І няма больш спакою - ні гэтай, ні той... Дзве жанчыны, розныя, як вада і віно, Бы ў бездань, глядзяць у пустое вакно, За якім вайна і вясна не здаецца зусім вясной...
Калі хтосьці кладзецца ў дол, я кладуся спаць... Я не ведаю, зранку хто ваявацьме з кім... Госпадзі, я стамілася! Чуеш?! Стамілася забіваць - Мой унутраны цэнзар зноўку выкрэслівае радкі.
Калі ўсё ўжо прамоўлена, Госпадзі, тысячы год таму, Што патрэбна любіць - нават тых, хто цябе заб’е... Край запаветны людзьмі ператвораны - у турму, Госпадзі, дзе ты е?..
Калі ў іх патрапляюць кулі, чаму гэтак мне баліць? (Я не баюся смерці, Госпадзі, ты аб чым!) Я не знала, што паліш... "Астру", як колісь мой дзед паліў... Пасядзі са мной побач, Госпадзі, памаўчы...
Усё большае тых, за каго дапісаць-дажыць… А слоў – усё менш… І за вокнамі ўсё дажджы… Усе вочы хаваюць, маўчаць, і ты, маўляў, не кажы… А што тут казаць, калі дождж навастрыў нажы…
Калі слоў засталося – на дзень, сама больш на тры… Ашчаджай, размяркоўвай, думай, што гаварыць!.. А лепш усміхайся, не можаш – сыходзь на крык… Выразай гэты боль на скуры, як, дзецьмі, рэзалі на кары
Простыя словы: «кахаю» і «назаўжды»… Назаўжды цяпер – гэта толькі апошні ўздых. А паэзія?.. Талент блытаць свае сляды… Калі спальваюць кнігі, Бог прачытае дым?..
Калі ты адзін, не істотна, ці ўведзены каранцін: Ты ўсё роўна не маеш – нашто і куды ісці… Пошук сэнсу закончыцца там, дзе патрэбна за ўсё плаціць. У тым ліку за словы… І за маўчанне… За ўсё ў жыцці.
Так, нічога ўжо аніколі не будзе ранейшым, і... Так, і вершы... Калі яны будуць, хворыя тыя вершы... Я задыхаюся праз сто метраў... Ды крочу, пешкі... Ты мне кажаш, што ўсе мы - пешкі - У гульні, што ніяк не скончыцца, не завершыцца... Ты мне кажаш, што пешкаю нават лепей!.. Толькі ведаеш... Калі гэтай... Доўгай зімою мы нат у вясну не верылі, а яна - паглядзі! - прыйшла, пазірае дзяўчом даверлівым... Значыць... Ёсць яшчэ шанс на лета, на вершы... І на жыццё.